ЧАРНІ́ГАЎСКАЕ КНЯ́СТВА,

старажытнарускае княства ў 11—13 ст. з цэнтрам у Чарнігаве. Займала тэр. па цячэнні р. Дзясна, Сейм, верхняй Акі, ніжняга Пасожжа і верхняга Падняпроўя. Уваходзілі гарады Ноўгарад-Северскі, Любеч, Сноўск, Пуціўль, Рыльск, Курск, Старадуб, Трубецк, Бранск і інш. Склалася на землях севяран, палян, радзімічаў і вяцічаў. Уваходзіла ў склад Кіеўскай Русі. Чарнігаў вылучыўся з яе пры кн. Мсціславе Уладзіміравічу ў 1024—36. Пасля смерці Яраслава Мудрага (1054) Ч.к. належала яго сыну Святаславу Яраславічу, які княжыў у Чарнігаве да 1073. Рашэннем Любецкага з’езда 1097 Ч.к. замацавана за яго нашчадкамі. У 1097 з Ч.к. вылучылася княства з цэнтрам у г. Ноўгарад-Северскі, у 12 ст. цэнтрамі ўдзельных княстваў сталі Пуціўль, Рыльск, Трубчэўск, Курск, Ушчыж і інш. З 11 ст. ў Ч.к. ўваходзілі землі паўд. Пасожжа з г. Гомій (Гомель) і Чачэрск, верхняга Падняпроўя з г. Рэчыца. У 1160-я г. Гомій вылучыўся як цэнтр удзельнага княства. У сярэдзіне 12 ст. Ч.к. належалі таксама некаторыя дрыгавіцкія землі з г. Слуцк, Клецк, Рагачоў. У 1239 г. Чарнігаў спалены мангола-татарамі і Ч.к. як дзярж. ўтварэнне спыніла сваё існаванне. У 14 ст. чарнігаўскія землі ўвайшлі ў склад ВКЛ. У сярэдзіне 15 ст. вял. князь ВКЛ Казімір падараваў г. Чарнігаў кн. І.​А.​Мажайскаму. У выніку вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 чарнігаўскія землі перайшлі да Масквы.

Літ.:

Насонов А.Н. «Русская земля» и образование территории древнерусского государства. М., 1951;

Зайцев А.К. Черниговское княжество // Древнерусские княжества X—XIII вв. М., 1975.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 17, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)